СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,

розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял. Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).

А.​С.​Сардараў.

Да арт. Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)